ЧАЦВЯРНА́Я РЫ́ФМА,

рыфма, якая спалучае 4 суседнія вершаваныя радкі. Сустракаецца ў фальклоры:

Малады чумак, чаго зажурыўся,
Ці валы прысталі, ці з дарогі збіўся?
Валы не прысталі, з дарогі не збіўся.
Таго зажурыўся — без долі ўрадзіўся.

Найчасцей спалучае радкі катрэнаў (4-радкоўяў);

Сам не знаю, як дамоў
Я з гармонікам дайшоў,
Як ён сцежкай мяне вёў,
Па якой пайшла любоў.
(М.​Танк. «Цёмны месяц»)

Ужываецца ў 5-радковых і 6-радковых строфах. Можа выкарыстоўвацца ва ўсіх строфах паэт. твора.

А.​А.​Майсейчык.

т. 17, с. 263

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)